Пад заклікам «Не будзь абыякавым!» у Польшчы праходзіць адукацыйна-прафілактычныя кампанія па супрацьдзеянні мове нянавісці, перш за ўсё ў сацыяльных сетках. Кампанія рэалізуецца па ініцыятыве Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі.
Прэс-сакратар Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Караліна Галецка (Karolina Galecka) тлумачыць, што вялікі маштаб і дынаміка пашырэння негатыўнай з'явы — мовы нянавісці ў інтэрнэце — патрабуе вялікіх інфармацыйных намаганняў, каб людзі разумелі, наколькі гэта адмоўна ўплывае на ўзаемаадносіны.
— Гэта агрэсіўныя напады на іншых людзей па розных прыкметах — паводле нацыянальнасці, расы, этнічнай прыналежнасці або веравызнання. Здараецца, што ў інтэрнэце паяўляюцца нейкія заўвагі, каментарыі, якія, на першы погляд, не павінны ўплываць на звычайнае жыццё людзей, не павінны іх закранаць. Але здараецца, што такія тэксты ў сеціве вядуць ды выключэння, дыскрымінацыі, а ў крайніх выпадках — нават да гвалту.
Кампанію «Не будзь абыякавым!» па супрацьдзеянні мове нянавісці рэалізуе фонд GrowSPACE. Каардынатарка акцыі Кшыштофа Гансяроўска (Krzysztofa Gąsiorowska) адзначае, што хэйт, неабгрунтаваныя негатыўныя каментарыі могуць тычыцца кожнага з нас.
— Кампанія мае на мэце паказаць, што гэта не праблема, якая існуе дзесьці на перыферыі і тычыцца невялікіх груп людзей, а што насамрэч кожны з нас сутыкаецца прынамсі з хэйтам, а часам нават з мовай нянавісці з розных прычын. Таму мы хочам паказаць розныя сітуацыі, у якіх гэтая з’ява праяўляецца ў штодзённым жыцці, а таксама тое, як з ёй спраўляцца. Кампанія будзе скіраваная да ўсіх, будуць матэрыялы для дзяржаўных устаноў, будуць матэрыялы для школ, а таксама розныя матэрыялы, якімі могуць скарыстацца дарослыя. Мэта – каб як мага больш людзей змаглі імі скарыстацца. У значнай ступені гэта будуць віртуальныя матэрыялы, але мы таксама плануем распаўсюджваць матэрыялы ў грамадскіх установах — гэта ўлёткі, рознага тыпу друкаваныя брашуры. Будзе сайт, з якога можна будзе спампаваць сцэнарыі заняткаў і артыкулы, прысвечаныя мове нянавісці. Для настаўнікаў, але не толькі, бо сцэнарыі заняткаў — гэта, вядома, перад усім для іх, але артыкуламі змогуць скарыстацца і іншыя асобы. Мы будзем публікаваць інфармацыйныя пасты, правядзём прэс-канферэнцыю, на якой таксама прадставім розныя матэрыялы.
— Ствараецца ўражанне, што ў віртуальнай прасторы, у сацсетках агрэсіі ўсё больш. Магчыма, праблема таксама заключаецца ў тым, што алгарытмы сацсетак працуюць такім чынам, што яны значна хутчэй пашыраюць інфармацыю, у якой ёсць негатыўныя эмоцыі, як злосць ці агрэсія?
— Канешне, праблема і ў тым, што мы акружаныя велізарнай колькасцю інфармацыі, якую алгарытмы яшчэ больш падсілкоўваюць і перасылаюць далей. У эпоху штучнага інтэлекту можна ствараць рэальнасць, якой няма, або змяняць тое, што існуе. Таму шмат цяжкасцей па-за самім чалавекам, па-за нашым уласным успрыманнем. Але і так найважней тое, што нават калі мы бачым негатыўную інфармацыю, трэба мець веды і разумець стэрэатыпы, якія паўтараюцца ў такіх матэрыялах. Разумець, што гэта не з’яўляюцца праўдай, што існуюць механізмы паведамлення пра такія матэрыялы, што можна выказаць сваю крытыку іншым чынам, а не адразу звяртацца да мовы нянавісці ці вельмі негатыўных паведамленняў, якія часта выходзяць за рамкі крытыкі, а пачынаюць кранаць знешнасць чалавека, яго асабістыя рысы, пол або сексуальную арыентацыю. Маючы такія веды, мы можам па-іншаму выказаць сваю крытыку. Дзякуючы гэтаму інтэрнэт-паведамленні, якія часта вельмі эмацыйныя. Яны могуць стаць хоць трохі больш нейтральнымі, і не будзе так, што кожны атрымальнік такога паведамлення будзе перасылаць яго далей або пісаць чарговыя негатыўныя або непраўдзівыя каментарыі. Мы цяпер у такой гістарычнай сітуацыі, калі вельмі вялікая частка нашай камунікацыі адбываецца ў інтэрнэце. Таму, думаю, нягледзячы на тое, што інтэрнэт патрабуе пэўнай уласнай наратыўнай формы, само ўсведамленне і веды пра тое, як рэагаваць, як можна інакш, і чаму некаторыя паведамленні ўжо з’яўляюцца мовай нянавісці, а іншыя ўсё яшчэ застаюцца ў межах звычайнай крытыкі. Бо дзякуючы гэтаму людзі будуць лепш разумець, як увогуле арыентавацца ў інтэрнэце і як ставіцца да наратываў, якія там бачаць.
— Важна, канешне, пашыраць свядомасць людзей, але, з іншага боку, існуе адказнасць адміністратараў сацсетак. Яны таксама павінны аператыўна рэагаваць на мову нянавісці.
— Я думаю, што гэта шырэйшая праблема, якую трэба было б ацэньваць перад усім у кантэксце канкрэтных правіл той ці іншай платформы. З аднаго боку гэта адказнасць платформ, а з другога — алгарытмы часткова залежаць ад гісторыі пошуку канкрэтнага карыстальніка, таму яны не аднолькавыя для ўсіх. Гэта складаная сітуацыя. Але я безумоўна падтрымліваю тое, каб сацыяльныя платформы мелі ўплыў на змест, які ў іх публікуецца. З іншага боку, нельга абавязаць інтэрнэт-платформу, каб яна без праверкі выдаляла кожны матэрыял пасля паведамлення пра яго, што ён нясе негатыўны або непраўдзівы змест. Тады можна было б патрабаваць зняць усё, нават тое, што не з’яўляецца мовай нянавісці, а гэта вельмі моцна абмяжоўвала б свабоду выказвання.
Кампанія “Не будзь абыякавым!” працягнецца да канца года.
нг